Тры беларускія спартсменкі выйшлі ў фінал чэмпіянату свету па сучаснаму пяцібор’ю

У Берліне набірае абароты чэмпіянат свету па сучаснаму пяцібор’ю.

Сёння раніцай пачаліся кваліфікацыйныя спаборніцтвы ў мужчын. У барацьбу ўступілі і чатыры прадстаўнікі Беларусі - Дзмітрый Мелях, Ягор Лапо, Міхаіл Пракапенка і Вячаслаў Бялоў. Напярэдадні, у першы спаборніцкі дзень, кваліфікацыю праходзілі жанчыны. З квартэта беларусак гэты бар’ер здолелі пераадолець тры спартсменкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Міністэрстве спорту і турызму. У фінальную частку спаборніцтваў выйшлі Ганна Архіпенка, Таццяна Мазуркевіч і Настасся Самусевіч, а вось Таццяне Клімовіч не ўдалося трапіць у лік суіскальніц узнагарод.

Фінальны турнір у жанчын пройдзе ў суботу, 18 жніўня, а мужчыны разыграюць узнагароды сусветнага першынства 19 жніўня. Адзначым, што алімпійскія ліцэнзіі Пекіна-2008 атрымаюць толькі ўладальнікі медалёў цяперашняга чэмпіянату свету ў індывідуальных спаборніцтвах. Нагадаем, што на чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у пачатку чэрвеня ў Рызе, беларускія рыцары пяці якасцей не змаглі заваяваць ніводнай пуцёўкі на Алімпіяду-2008. Тады зрабіць гэта было лягчэй - ліцэнзіі атрымлівалі атлеты, якія трапілі ў лік васьмі лепшых у мужчын і жанчын.

Акрамя індывідуальных стартаў у сталіцы Германіі адбудуцца і эстафеты: 20 жніўня мацнейшых вызначаць жаночыя каманды, а 21 жніўня пройдзе мужчынская эстафета.


Copyright © 2007 Belnews.net