У Мінску на месцы стадыёна “Трактар” будзе пабудаваны сучасны спартыўна-забаўляльны комплекс

У Мінску ў канцы бягучага года пачнуцца падрыхтоўчыя работы па будаўніцтву на месцы стадыёна “Трактар” сучаснага спартыўна-забаўляльнага комплексу. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Генадзь Вырко.

Субяседнік расказаў, што ўзвядзенне гэтага аб’екта будзе весціся за кошт знешніх інвестыцый. Цяпер ідзе працэс заключэння адпаведнага дагавора з літоўскай кампаніяй. Для рэалізацыі праекта ўжо створана фірма-аператар, у статутным капітале якой 25 працэнтаў належыць Мінску. Агульны аб’ём інвестыцый складае 350 млн. еўра.

На першым этапе будзе пабудаваны крыты стадыён на 5 тыс. месц з многафункцыянальнымі арэнамі. Акрамя спартыўных тут можна будзе праводзіць розныя культурна-масавыя мерапрыемствы, сказаў Генадзь Вырко.

Паводле яго слоў, на другім этапе рэалізацыі праекта стары стадыён будзе поўнасцю знесены, і на яго месцы плануецца пабудаваць таксама крыты стадыён еўрапейскага ўзроўню на 15 тыс. месц. Паміж двума пабудаванымі стадыёнамі запланавана ўзвядзенне офісна-гасцінічнага комплексу.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама таксама дадаў, што да канца бягучага года будуць пачаты падрыхтоўчыя работы па праектаванню аб’екта. Рэалізацыя праекта разлічана на 5 гадоў.


Copyright © 2007 Belnews.net