Еўрасаюз павінен весці дыялог з выбраннікамі народа Беларусі - С.Гайдукевіч

Каб мець адэкватнае ўяўленне аб тым, што адбываецца ў Беларусі і што сапраўды патрэбна беларускаму народу, палітычныя інстытуты Еўрасаюза павінны весці дыялог з усенародна выбранымі палітыкамі, а не з дысідэнтамі з сумніўнай рэпутацыяй. Аб гэтым у размове з карэспандэнтам БЕЛТА заявіў спецыяльны прадстаўнік міністра замежных спраў Беларусі па ўзаемадзеянню з еўрапейскімі парламенцкімі структурамі, дэпутат ніжняй палаты беларускага парламента Сяргей Гайдукевіч.

“У час візітаў у заходнееўрапейскія дзяржавы я не сустракаюся з маргінальнай апазіцыяй, я вяду дыялог з палітыкамі, якім іх народ выказаў давер на выбарах, - сказаў Сяргей Гайдукевіч. - І еўрапейскі бок павінен дзейнічаць аналагічна”.

Паводле яго слоў, “рэальную, а не надуманую пазіцыю беларускага народа могуць і маюць права агучваць толькі тыя палітыкі, якія ад гэтага народа атрымалі мандат: гэта і ўсенародна выбраны прэзідэнт, і дэпутаты парламента”.

Прадстаўнікам маргінальнай апазіцыі, лічыць Сяргей Гайдукевіч, уласціва адна стандартная тактыка: у размове з прадстаўнікамі еўрапейскіх структур яны паспяваюць сказаць толькі адно - “усё дрэнна, дапамажыце перамагчы рэжым”. “Пры гэтым відавочная поўная палітычная імпатэнцыя такіх “дзеячаў”, іх няздольнасць удзельнічаць у рэальнай палітычнай барацьбе. Іх крэда - палітычнае дысідэнцтва дзеля таго, каб неяк застацца на плаве ў вачах Заходняй Еўропы і ЗША”, - пераканы палітык.

Спецпрадстаўнік міністра падкрэсліў відавочнасць для сур’ёзных палітыкаў факта, што Беларусь рухаецца наперад у развіцці грамадзянскай супольнасці і дэмакратыі. “Але для таго, каб выспела дэмакратыя, неабходны працяглы вопыт, шлях спроб і памылак”, - лічыць Сяргей Гайдукевіч.

Паводле яго слоў, маладая беларуская дзяржава не выдумвае для сябе новых прынцыпаў дэмакратыі. “Мы згодны вучыцца. І мэта Еўрасаюза і ЗША павінна быць у тым, каб дапамагчы ісці па шляху да свабоды і працвітання ў імя стабільнасці сусветнай сістэмы. Менавіта таму неабходны сур’ёзны дыялог у рамках ЕС”, - адзначыў парламентарый.

Сяргей Гайдукевіч выказаў упэўненасць у неабходнасці пакрокавай стратэгіі, частых сустрэч і паслядоўнага дыялога прадстаўнікоў Беларусі і еўрапейскіх структур. Пры гэтым ён нагадаў, што на 14 верасня запланавана яго сустрэча з кіраўніком аддзела сувязей з Украінай, Малдовай і Беларуссю Дырэктарата Усходняй Еўропы, Паўднёвага Каўказа і рэспублік Цэнтральнай Азіі Генеральнага Дырэктарата Еўрапейскай камісіі па знешніх сувязях і палітыцы добрасуседства Хільдай Хардэман.


Copyright © 2007 Belnews.net