Беларусы заваявалі 13 медалёў і занялі 15-е месца на Універсіядзе ў Тайландзе

18 жніўня ўдзелам у спаборніцтвах па скачках у ваду беларусы завяршылі выступленне нашай каманды на летняй Універсіядзе ў Тайландзе.

У сінхронных скачках з 10-метровай платформы мужчынскі дуэт Вадзім Каптур - Цімафей Гардзейчык спыніўся за крок ад п’едэстала, набраўшы чацвёртую суму ачкоў.

Апошні медаль у скарбонку зборнай Беларусі на сусветных студэнцкіх гульнях здабыла лідэр нашай дружыны па мастацкай гімнастыцы Іна Жукава, якая вярнулася на дыван пасля траўмы спіны. Яна стала бронзавым прызёрам у практыкаваннях з абручом. Акрамя таго, Жукава прабілася ў фіналы яшчэ трох відаў практыкаванняў, але да п’едэстала не дацягнула, заняўшы чацвёртае месца ў кампазіцыі са скакалкай і замацаваўшыся на пятых радках у практыкаваннях з булавамі і са стужкай. У мнагабор’і Іна заняла чацвёртае месца. Вызначылася на Універсіядзе ўкраінка Ганна Бяссонава, якой не было роўных абсалютна ва ўсіх дысцыплінах. Бяссонава вязе на радзіму 5 залатых медалёў.

Такім чынам, на XXIV летняй Універсіядзе беларускія спартсмены заваявалі 13 узнагарод (3 залатыя, 4 сярэбраныя і 6 бронзавых) і занялі 15-е месца сярод 67 краін у агульным заліку. Першынствавала дружына з Кітая - 87 медалёў (32, 29, 26). Беларусь на сусветных студэнцкіх гульнях была прадстаўлена 82 атлетамі ў 10 відах спорту.

Нагадаем, што на папярэдняй Універсіядзе, якая ў 2005 годзе праходзіла ў турэцкім Ізміры, у скарбонцы беларускай каманды было 15 узнагарод (3 залатыя, 6 сярэбраных і 6 бронзавых).


Copyright © 2007 Belnews.net